СЛАІ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ [міжнар назва Stratus (St)],

шэры воблачны слой з дастаткова аднароднай асновай, з якога могуць выпадаць імжа, ледзяныя іголкі і снежныя зерні. Часта ніжняя паверхня гэтых воблакаў бывае парванай, касмыкаватай. Звычайна закрываюць усё неба шэрай заслонай, але зрэдку могуць назірацца ў выглядзе парваных воблачных мас. Размешчаны на выш. да 2 км. Складаюцца пераважна з кропель (пры нізкіх т-рах пераахалоджаных). Узнікаюць у выніку ахаладжэння паветра ад подсцільнай паверхні і дадатковага ахаладжэння ў працэсе турбулентнасці; на ўтварэнне ўплывае і турбулентны перанос вадзяной пары знізу і ўвільгатненне паветра ападкамі, якія выпадаюць з воблакаў інш. тыпаў. З найб. магутных і шчыльных С.в. выпадаюць слабыя ападкі. Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.

т. 14, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)